Кошт Урада Стоимость правительства. Просто о нашем бюджете.

Куды пайшлі грошы ад транспартнага падатку і аплаты дарог?

02.12.2014

Ад падатку рэспубліканскі бюджэт атрымае 800 мільярдаў, яшчэ 341 — ад платных дарог, але расходы на дарогі павялічыліся толькі на 600 мільярдаў.

Прадстаўнікі розных міністэрстваў неаднаразова заяўлялі, што так званы транспартны падатак цалкам накіроўваецца на транспартнае будаўніцтва. Чыноўнікі планавалі сабраць 1 трыльён, потым Мінтранс падкарэктаваў суму.

"Агулам сёлета з рэспубліканскага бюджэту выдзяляецца 3 трыльёны на фінансаванне дарожнай гаспадаркі — у гэтую суму ўжо уключаныя сродкі, атрыманыя за кошт транспартнага збору", — паведамляе БелТА.

Цікава, наколькі сёлета вырасла фінансаванне дарожнай гаспадаркі ў параўнанні з 2013 годам? Тады на дарогі пайшло амаль 2,4 трыльёна рублёў.

На дарогі ў 2014 годзе бюджэт выдаткоўвае трошкі больш за 3 трыльёны рублёў. У гэтым жа бюджэце прапісана, што дарожнага падатку плануюць сабраць каля 1,6 трыльёна.

Праз нескладаныя падлікі атрымліваецца, што фінансаванне дарожнай гаспадаркі ў 2014 годзе павялічылася прыкладна на 600 мільярдаў. А грошай з аўтаўладальнікаў сабралі больш чым ў 2,5 разы болей — 1,6 трыльёна.

"У 2014 годзе паступаючыя сумы дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху накіроўваюцца ў даход рэспубліканскага бюджэту — 50%, у даходы кансалідаваных бюджэтаў абласцей і Мінска — 50%", — тлумачаць Еўрарадыё ўміністэрстве фінансаў Беларусі.

Атрымліваецца, што на дарогі ў рэспубліканскі бюджэт ідзе толькі 800 мільярдаў. 

Грошы — не асноўны паказчык, параўнаем колькасць пабудаваных дарог за гэтыя два гады. 

"У 2013 годзе пасля будаўніцтва і рэканструкцыі уведзена 83,6 км аўтамабільных дарог. У 2014 годзе плануецца увесці 130 км, з іх — участак Гомель-Жлобін аўтадарогі М-5 Мінск-Гомель працягласцю 86,2 км, участак дарогі М-6 Мінск-Гродна (6,8 км), Р-23 Мінск-Мікашэвічы (6,8 км) ды іншыя", — паведамляюць Еўрарадыё ў Мінтрансе. Атрымліваецца на 46 км дарог больш. Дзякуючы нашым 1,6 трыльёна падаткаў?

Ужо больш за год у Беларусі дзейнічае сістэма платных дарог. Грошы, якія яна збірае, тэарэтычна мусяць таксама ісці на ўтрыманне дарожнай гаспадаркі. Як распавялі Еўрарадыё ў Мінфіне, за 9 месяцаў 2014 года сістэма Beltoll прынесла ў бюджэт 341,2 мільярда рублёў, плюс падатак — 800 мільярдаў. А расходы на дарогі ў бюджэце павялічыліся толькі на 600 мільярдаў.

Дзе ж раствараюцца астатнія грошы?

"Грошы пайшлі на дарогі, таму фармальна ўрад выканаў сваё абяцанне. На самай справе, ніхто не абяцаў захаваць фінансаванне з іншых крыніц на ранейшым узроўні, — кажа кіраўнік праекта "Кошт Урада" Уладзімір Кавалкін. — Іншае пытанне, куды пайшла розніца? У першую чаргу былі прафінансаваныя выдаткі, звязаныя з выплатай заработнай платы ў бюджэтнай сферы, пенсій, дапамог, стыпендый і абслугоўваннем дзяржаўнага доўгу. Гэта значыць, што гэтыя грошы пусцілі на затыканне дзірак і праяданне. І гэта далёка не адзіны прыклад таго, як урад перакладае адказнасць за вынікі сваёй эканамічнай палітыкі на кішэні звычайных людзей".

Гэтае грашовае пытанне можа вырашыцца ў наступным годзе. Як даведалася Еўрарадыё, рэспубліканскім бюджэтам на 2015 год прадугледжанае стварэнне дарожнага фонду.

Источник: http://euroradio.fm/yak-pavyalichylisya-rashody-na-darogi-paslya-uvyadzennya-padatku-i-beltoll

02.12.2014

Все статьи