
Калі мы плацім падаткі, то маем права спытаць у дзяржавы, наколькі эфектыўна яна распараджаецца нашымі грашыма. Такая думка не аднойчы гучала ў час прэзентацыі сайта "Кошт ураду", якая адбылася 8 кастрычніка ў Гродне.
Кіраўнік праекта - выпускнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі і Еўрапейскага Гуманітарнага ўніверсітэту Ўладзімір Кавалкін бачыць прызначэнне сайта ў тым, каб даць беларусам набор інструмантаў, з дапамогай якіх яны могуць прасачыць, куды ідуць іх грошы, як фармуецца бюджэт краіны.
Ідэя "Кошту ўраду" была "падгледжаная" у славакаў, якія зрабілі такі праект яшчэ сем год таму.
Сёння аналагічныя сайты працуюць у суседніх Польшчы і Ўкраіне. Беларусы таксама ахвотна засвойваюць новы рэсурс: за дзесяць месяцаў на сайце зарэгістравана каля 30 тыс. наведванняў. Што іх прываблівае?
Найперш гэта такія інтэрактыўныя рэчы, як Калькулятар, з дапамогай якога можна ўбачыць, як размярковаецца ваш заробак (якія вы заплаціце падаткі, колькі застанецца ў вас пасля ўсіх адлічэнняў на руках г.д.).
Цікаўны карыстальнік зможа таксама "пагуляцца" са стварэннем уласнага каштарысу дзяржавы, павялічыўшы, напрыклад, выдаткі на медыцыну і зменшыўшы - на міліцыю. У выніку такіх "маніпуляцый" можна будзе ўбачыць, наколькі зменшыцца ці павялічыцца ў такім выпадку падатковая нагрузка на кожнага беларуса.
Стваральнікі праекта распачалі весці таксама ўласны відэаблог.
Уладзімір Кавалкін спадзяецца, што праект "Кошт ураду" будзе і надалей карысны не толькі звыклым карыстальнікам, але і чыноўнікам. На яго думку, рух у бок адкрытасці і празрыстасці бюджэтаў рознага ўзроўню будзе толькі спрыяць фармаванню атмасферы даверу паміж грамадзянамі і людзьмі, якія знаходзяцца ля ўлады і адказваюць за размеркаванне публічных сродкаў.
Некалькі цікавых фактаў ад "Кошту ўраду":
- агульная дзяржаўная пазыка Беларусі складае 217 044 747 млн. руб. Гэта 23 млн. на кожнага беларуса;
- 28 міліёнаў руб. заплаціў у выглядзе розных падаткаў і адлічэнняў кожны беларус у 2013 г. на патрэбы дзяржавы;
- 55 даляраў заплаціць дадаткова кожны беларус у выпадку павышэння падаходнага падатку на 1%.
Источник: http://www.t-styl.info/by/117/overview/13258/
13.10.2014