Kosht Urada Price of the state. Simply about our budget.

Віцебскія журналісты вучыліся складаць бюджэт краіны

24.09.2014

На сустрэчу з журналістамі і актывістамі Віцебска прыязжалі ўдзельнікі праекта «Кошт урада». Гэта быў першы выяздны трэнінг для тых, каму патрэбныя для працы эканамічныя звесткі пра даходы і выдаткі беларускага сектару дзяржкіравання.

Журналісты вельмі часта маюць праблемы з тым, каб знайсці статыстычныя звесткі эканамічнага характару, бо іх трэба шукаць на інтэрнэт-сайтах розных міністэрстваў і ведамстваў. А значная частка такой інфармацыі ўвогуле не публікуецца, і каб яе здабыць, трэба рабіць асобныя сайты. "Праект "Кошт урада" карысны для журналістаў тым, што на адным інтэрнэт-рэсурсе мы паспрабавалі сістэматызаваць адкрытую інфармацыю пра даходы і выдаткі дзяржавы з 2009 па 2013 год", – кажа кіраўнік праекта Уладзімір Кавалкін.

Падобныя сайты працуюць шмат у якіх еўрапейскіх краінах. Дзякуючы ўдзельнікам праекту "Кошт урада" цяпер і кожны беларус можа прасачыць, як размяркоўваюцца дзяржаўныя грошы і як насамрэч фінансуюцца так званыя "бясплатныя" галіны нашага жыцця – адукацыя, медыцына і гэтак далей.

Журналістаў можа зацікавіць не толькі магчымасць скарыстацца сабранымі статыстычнымі дадзенымі. На сайце працуюць інтэрактыўныя прылады, з дапамогай якіх можна вылічыць канкрэтныя сумы пэўных выдаткаў і таксама скарыстаць іх для падрыхтоўкі матэрыялаў. Так, з дапамогай лічыльніка «За што мы плацім?» можна даведацца, колькі гіпатэтычны  атрымальнік заробка ў 500 долараў, апрача гэтага, аддае грошай у выглядзе тых ці іншых выплатаў.

Прысутныя на сустрэчы прапанавалі, як можна ўдасканаліць сайт, каб статыстычныя звесткі на ім былі яшчэ больш разнастайныя і карысныя – для працы як журналістаў, так і грамадскіх актывістаў. Прыкладам, распрацаваць падобны лічыльнік для пенсіянераў – дастаткова вялікай колькасці беларускага насельніцтва. Бо якраз у гэтым асяродку шмат хто пэўны, нібыта яна "ўжо дзяржаве за ўсё заплацілі".

У сваю чаргу, удзельнікі праекту прапанавалі віцебскім журналістам сваю дапамогу: і ў пошуках нейкай канкрэтнай эканамічнай інфармацыі, якую бывае нялёгка знайсці ў інтэрнэце, і ў складанні журналісцкіх запытаў у адпаведныя структуры, калі інфармацыі няма зусім.

Вельмі актыўна праходзіла і абмеркаванне эканамічных тэмаў, якія могуць зацікавіць чытачоў сучасных беларускіх СМІ. Бо з аднаго боку, людзі хацелі болей ведаць пра тое, як размяркоўваюцца грошы, забраныя дзяржавай у выглядзе розных падаткаў, а з другога –эканамічную сістэму Беларусі цяжка назваць празрыстай і адкрытай, калі гаворка ідзе пра сферу публічных фінансаў. Да ўсяго, многія жыхары краіны лічаць, што фармаванне бюджэту – гэта дужа складаная з'ява для разумення шараговага грамадзяніна. І таму, пагадзіліся прысутныя, асвятленне пэўных эканамічных аспектаў будзе найбольш паспяховым, калі гаворка пойдзе пра канкрэтныя з'явы ў мясцовым кантэксце, зразумелым для ўсіх тых, хто не з'яўляецца эканамістам-адмыслоўцам.

Сустрэча з прадстаўнікамі праекту "Кошт урада" прайшла 22 верасня ў віцебскім "Еўрапейскім клубе". Гэта быў першы трэнінг для рэгіянальных журналістаў, але Уладзімір Кавалкін кажа, што ў яго з калегамі ў планах – аб'ехаць усе абласныя і шэраг іншых буйнейшых гарадоў.

Источник: http://baj.by/be/node/26401      

      24.09.2014

All articles